Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, –
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён,
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.
Г. Бураўкін
З 19 па 23 верасня 2022 года ў Граніцкім дзіцячым садзе-базавай школе праводзіўся Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!” У мерапрыемствах тыдня прынялі ўдзел вучні 2-9 класаў. Разнастайнасць праграмы дазволіла кожнаму навучэнцу знайсці занятак па душы.
Тыдзень адкрыўся акцыяй “Размаўляй са мной па-беларуску”, прэзентацыяй віншавальных паштовак “Пажадані роднай мове”, стварэннем інтэрактыўнага воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску”. Вучні 2-4 класаў прынялі ўдзел у марафоне “Мова родная - мова модная”, выканалі вядомыя беларускія песні.
Цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню гастранамічны фэст “Беларуская кухня”.
Падчас анлайн-акцыі ‘‘Натхнёныя Бацькаўшчынай” вучні 7-9 класаў прэзентавалі перад аднакласнікамі відэасюжэты пра знакамітых беларусаў.
У бібліятэцы была арганізавана выстава вучэбнай літаратуры па беларускай мове “Сэрцам роднага слова краніся”, на якой прадстаўлены навінкі літаратуры для вучняў і настаўнікаў.
Класныя кіраўнікі 2-9 класаў падрыхтавалі для навучэнцаў віктарыны, конкурсы, літаратурную гасцёўню. Вучні 5-9 класаў напісалі дыктант, прымеркаваны да Дня народнага адзінства. У сацыяльнай сетцы “Укантакце” вучні 2,7 класа ўдзельнічалі ў чэленджы, расказвалі вершы беларускіх класікаў.
Навучэнцы з вялікім захапленнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах Тыдня. Дзеці яшчэ раз пераканаліся, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова.